Ў кантакце

субота, 21 студзеня 2012 г.

ЛІТУРГІЯ СЛОВА НА НЯДЗЕЛЮ


ІIІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ                                                                Ён 3, 1–5. 10
Адвярнуліся нінівіцяне ад злога шляху свайго
Чытанне кнігі прарока Ёны.
Пан звярнуўся да Ёны другі раз, кажучы: Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў. І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву, паводле слова Пана.
Нініва ж была вялікім горадам у Бога: на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе столькі, колькі можна было прайсці за адзін дзень, і ўсклікаў, кажучы: Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе збурана.
І паверылі нінівіцяне ў Бога, і абвясцілі пост, і апрануліся ў мяхі, ад старэйшага аж да малодшага.
І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог, што сказаў пра няшчасце, якое спашле ім, і не спаслаў.
Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ        Пс 25 (24), 4–5ab. 6–7bc. 8–9  (Р.: 4a)

Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.

Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты Бог збаўлення майго.

Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.

Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, *
і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.
Памятай пра мяне паводле міласэрнасці Тваёй, *
дзеля вялікай дабрыні Тваёй.

Рэфрэн:

Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ                                                                  1 Кар 7, 29–31
Мінае вобраз гэтага свету
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Кажу вам, што заканчваецца час, каб і тыя, хто мае жонак, былі як тыя, хто не мае, і тыя, хто плача, былі як тыя, хто не плача, і тыя, хто радуецца, былі як тыя, хто не радуецца, і тыя, хто купляе, былі як тыя, хто не набывае, і тыя, хто карыстаецца светам, былі як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.
Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ                                                 Мк 1, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ                                                                                Мк 1, 14–20
Кайцеся і верце ў Евангелле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.
Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.
Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
паводле  catholic.by

серада, 18 студзеня 2012 г.

Хвала Хрысту! Сёння распачаўся тыдзень Малітваў аб еднасці хрысціян, які будзе працягвацца да 25 студзеня.
У сувязі з гэтым прапануем Вашай увазе, паважаныя міністранты, чытанні, якія можна ўжываць у гэтыя дні.


Літургія Божага слова на кожны дзень Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян









апрацавана на падставе матэрыялаў з сайта catholic.by

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 8 — 25 студзеня 2012 г.

Тэма дня: З’яднаныя ў валадаранні Хрыста.
Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім (Aп 3, 21)

Першае чытанне                                                                1 Кр 29,10-13

У Тваёй руцэ і сіла, і моц

Чытанне Першай кнігі Кронікаў.

Давід праслаўляў Пана кажучы:
Будзь праслаўлены, Пане,
Божа нашага айца, Ізраэля,
на векі вечныя.
Твая, Пане, узнёсласць і магутнасць,
слава, прыгажосць і веліч,
бо ўсё, што ў небе і на зямлі, Тваё.
Тваё, Пане, валадарства,
і Ты, як Галава, уздымаешся па-над усім.
Ад Цябе паходзяць
багацце і слава.
Ты над усім пануеш.
У Тваёй руцэ і сіла, і моц.
Твая рука ўзвялічвае
і ўсё ўмацоўвае.
Цяпер, наш Божа, мы дзякуем Табе
і праслаўляем імя Тваёй велічы.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 21, 2-7
Рэфрэн: Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль.
2.     Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль, *
і вельмі радуецца Тваёй дапамозе.
3.     Ты выканаў жаданне ягонага сэрца, *
і просьбы вуснаў яго не адкінуў.
Рэфрэн:
4.     Бо Ты сустрэў яго жаданымі благаслаўленнямі, *
на яго галаву ўсклаў вянок з чыстага золата.
5.     Ён прасіў у Цябе жыцця, *
і Ты даў яму даўгалецце на вечныя вякі.
Рэфрэн:
6.     Вялікая слава яго пры Тваёй дапамозе, *
Ты ўсклаў на яго веліч і гонар.
7.     Благаслаўленне даў яму навекі, *
усцешыў яго радасцю перад Тваім абліччам.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Ап 3, 19-22

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна.

Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.
Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць,
каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне перад заснаваннем свету.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                               Ян 12, 23-26

Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, памрэ, то прынясе багаты плён

Хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Езус сказаў вучням: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Гэта слова Пана.


Дзень 7 — 24 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.
Пасі авечак Маіх  (Ян 21, 19)
Першае чытанне                                                                1 Сам 2, 1-10
Не сілаю сваёй перамагае чалавек
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Ганна малілася і казала:
Узрадавалася маё сэрца ў Пану,
узнялася моц мая ў Пану маім,
раскрыліся вусны мае на ворагаў маіх,
бо радуюся я Тваёй дапамозе.
Няма такога святога, як Пан,
няма нікога іншага, апроч Цябе,
і няма такой цвярдыні, як наш Бог.
Не памнажайце ганарыстыя словы,
няхай дзёрзкае слова не выходзіць з вуснаў вашых,
таму што Бог ёсць Панам пазнання
і гэта Ён узважвае ўчынкі.
Лук моцных ламаецца,
а слабыя падпярэзваюцца сілаю.
Сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя адпачываюць;
бясплодная семярых нараджае, а  шматдзетная знемагае.
Пан забівае і ажыўляе,
кідае ў адхлань і адтуль выводзіць.
Пан робіць бедным і багатым,
прыніжае і ўзвялічвае.
З пылу падымае беднага,
са смецця ўзнімае ўбогага,
каб пасадзіць яго з вяльможамі,
і даць яму ў спадчыну трон хвалы.
бо Пану належаць падставы зямлі
і на іх Ён паставіў сусвет.
Ён ахоўвае ногі сваіх пабожных,
а грэшнікі знікнуць у цемры,
бо не сілаю сваёй перамагае чалавек.
Пан знішчыць тых, хто спрачаецца з Ім,
супраць іх будзе грымець з нябёсаў.
Пан будзе судзіць межы зямлі,
і дасць моц свайму каралю,
і падыме рог свайго памазаніка.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 23
Рэфрэн: Пан пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы.
1.     Пан пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2.     Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3.  Ён душу маю пажыўляе.
Рэфрэн:
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4.  Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.
Рэфрэн:
5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчаеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.
Рэфрэн:
6.     Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                      Эф 6, 10-20

Мацуйцеся ў Пану

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх,
а Мае ведаюць Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.



Евангелле                                                                                     Ян 21, 1-19
Пасі авечак Маіх
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.
Зноў сказаў яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.
І сказаў яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.
Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!
Гэта слова Пана.


Дзень 6 — 23 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз верную любоў Бога.

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера (1 Ян 5, 4)


Першае чытанне                                                                Абк 3, 17-19
Усемагутны Бог — мая моц

Чытанне кнігі прарока Абакума.

Калі нават смакоўніца не расцвіце
і не будзе на вінаграднай лазе пладоў,
калі дарэмнай будзе праца пры аліўках,
а не ўродзяць нівы,
калі пазнікаюць авечкі з аўчарні
і не будзе скаціны ў загонах,
я буду радавацца ў Пану,
і буду радавацца ў Богу, маім Збаўцы.
Пан Бог — мая моц,
Ён зробіць мае ногі як у лані
і прывядзе на вышыні
Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм                                           Пс 136,1-4; 23-26
Рэфрэн: Міласэрнасць Пана трывае навекі.
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †
бо навекі Яго міласэрнасць. *
2. Хваліце Бога багоў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
3. Хваліце Пана паноў,
бо навекі Яго міласэрнасць.
4. Таго, які сам чыніць вялікія цуды, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:
23. У прыніжэнні нашым Ён узгадаў пра нас,
бо навекі Яго міласэрнасць.
24. вызваліў нас ад нашых ворагаў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
25. Дае хлеб кожнаму целу, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
26. Праслаўляйце Бога нябёсаў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:

Другое чытанне                                                                           1 Ян 5, 1-6

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера. Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго,
як Я палюбіў вас.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                     Ян 15, 9-16

Ніхто не мае большай любові за тую,
калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.
Гэта слова Пана.



Дзень 5 — 22 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз супакой Уваскрослага Пана.
Езу стаў пасярэдзіне і сказаў ім: Спакой вам! (пар. Ян 20, 19)

Першае чытанне
                                                               Мал 2, 2-2

Звернуцца сэрцы айцоў да дзяцей, а сэрцы дзяцей да іх айцоў

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Вось Я пашлю вам прарока Іллю, перш чым прыйдзе вялікі і страшны дзень Пана. Тады звернуцца сэрцы айцоў да дзяцей, а сэрцы дзяцей да іх айцоў, каб калі прыйду, не кінуў праклён на зямлю.
Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 133
Рэфрэн: Пан дае спакой свайму народу
1. Як жа добра і прыемна,
калі браты жывуць разам.
2. Гэта як каштоўны алей на галаве,
які сцякае на бараду, на бараду Аарона,
што сцякае да краёў ягоных шатаў.
Рэфрэн:
3. Гэта як раса Гермона,
што спадае на горы Сіёна,
бо там Пан дае благаслаўленне,
жыццё на вечныя вякі.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Эф 2, 14-22

Прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:
Хрыстус — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус Хрыстус смерць перамог
і перадаў нам слова паяднання.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.



Евангелле                                                                                     Ян 20,19-23
Прыйшоў Езу, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: Спакой вам!
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Гэта слова Пана.


Дзень 4 — 21 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз перамогу Пана над злом.

Перамагай зло дабром  (Рым 12, 21)


Першае чытанне                                                                         Зых 23,1-9
Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло

Чытанне кнігі Зыходу.

Не разнось ілжывых чутак і не падавай рукі сваёй злачынцу, каб не стаць сведкам несправядлівасці.
Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло, і на судзе не схіляйся да меркавання большасці, каб сказіць праўду.
Не шкадуй беднага ў судзе ягоным.
Калі натрапіш на вала ворага свайго ці на асла ягонага, вярні яго яму.
Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не пакідай яго, але застанься з ім.
Не скажай правасуддзя дзеля твайго беднага на судзе ягоным.
Уцякай ад хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю злачынцы.
Не бяры хабару, бо ён асляпляе мудрых і скажае словы справядлівых.
Не прыгнятай іншаземца; бо ведаеце жыццё чужынца, таму што і самі былі іншаземцамі ў егіпецкай зямлі.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 1
Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.
1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2.     але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.
Рэфрэн:
3.     Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.
Рэфрэн:
4.     Не такі лёс бязбожных: *
яны як мякіна, што вецер разносіць.
5.     5. Таму бязбожныя не выстаяць на судзе, *
а грэшнікі – на сходзе святых.
6.     Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Рым 12, 17-21

Перамагай зло дабром

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад ўсімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: Мне помста, Я аддам! — кажа Пан.
Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не дапусці, Ойча, каб мы паддаліся спакусе.
Дай нам удзел у перамозе Твайго Сына.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                            Мц 4, 1-11

Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.
Гэта слова Пана.