Ў кантакце

серада, 28 снежня 2011 г.

Рэчы, неабходныя для цэлебрацыі Эўхарыстыі.


А) ХЛЕБ І ВІНО ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ
Хлеб для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінен быць чыста пшанічным, свежаспечаным і, паводле старажытнай традыцыі лацінскага Касцёла, без закваскі.
Віно для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінна быць з пладоў вінаграднай лазы, натуральнае і чыстае, г.зн., без дамешак іншых рэчываў.
Неабходна старанна клапаціцца, каб хлеб і віно, прызначаныя для Эўхарыстыі, захоўваліся ў дасканалым стане, г.зн., належыць дбаць, каб віно не скісала, а хлеб не псаваўся і не чарсцвеў так, што яго цяжка будзе разламаць.
Б) ЛІТУРГІЧНАЕ НАЧЫННЕ
Літургічнае начынне належыць вырабляць з высакароднага металу. Калі ж яно зроблена з металу, які іржавее, альбо які з’яўляецца менш высакародным за золата, то яго трэба ўнутры пазалаціць.
Па рашэнні Канферэнцыі Біскупаў, пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай літургічнае начынне можа вырабляцца таксама і з іншых трывалых і, паводле агульнага пераканання дадзенай краіны, высакародных матэрыялаў, напр., з чорнага дрэва альбо некаторых іншых больш цвёрдых пародаў дрэва, прыдатных для літургічнага ўжытку. У гэтым выпадку перавага заўсёды аддаецца матэрыялам, якія з цяжкасцю ламаюцца і не псуюцца. Гэта датычыць усяго начыння, якое прызначанае для ўтрымання гостый, як патэна, пушка (цыборыюм), тэка, манстранцыя і іншае, падобнае да гэтага.
Што датычыць келіхаў і іншага начыння, прызначанага для ўтрымання Крыві Пана, то яны павінны мець чашу з такога матэрыялу, які не ўпітвае вадкасці. Ножка можа вырабляцца з іншых трывалых і годных матэрыялаў.
Для асвячэння гостый можна ўжываць большую патэну, на якой кладзецца хлеб як для святара і дыякана, так і для іншых прыслугоўваючых і вернікаў.
Што датычыць формы літургічнага начыння - важна, каб кожны прадмет з гэтага начыння быў прыдатным да літургічнага ўжытку, для якога ён прызначаны, і выразна адрозніваўся ад тых, якія прызначаюцца для штодзённага ўжытку.
Што датычыць асвячэння літургічнага начыння, належыць захоўваць абрады, прадпісаныя ў літургічных кнігах – Літургічная Агенда.
Належыць захаваць звычай рабіць у сакрыстыі сакрарый, куды можна выліваць ваду ад абмывання літургічнага начыння і палатняных літургічных прыналежнасцяў.
В) ЛІТУРГІЧНЫЯ ШАТЫ
Рознасць абавязкаў у цэлебрацыі Эўхарыстыі выяўляецца знешне ў разнастайнасці літургічнага адзення. Таму адзенне павінна быць знакам уласнага абавязку кожнага прыслугоўваючага. Апрача таго, літургічнае адзенне павінна падкрэсліваць прыгажосць самога літургічнага дзеяння. Шаты, якія апранаюць святары і дыяканы, а таксама свецкія прыслугоўваючыя, перш чым прызначыць іх для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале.
Агульнай шатай для ўсіх пасвячаных і прызначаных служыцеляў розных ступеняў з’яўляецца альба, якая падпярэзваецца на бёдрах пасам, калі толькі яна не зробленая так, што прылягае да цела нават без паса. Калі ж альба добра не пакрывае звычайнае адзенне каля шыі, то перш, чым апрануць альбу, ускладаецца гумерал. Нельга замяняць альбу комжаю, нават паверх сутаны ці габіта, калі апранаецца арнат ці далматыка, альбо, згодна з нормамі, толькі стула без арнату ці далматыкі.
Адзенне, уласцівае для святара, які цэлебруе Імшу альбо іншыя сакральныя дзеянні непасрэдна звязаныя з Імшою, — гэта арнат (casula seu planeta), які апранаецца на альбу і стулу, калі толькі не прадугледжана іншага.









Адзенне, уласцівае для дыякана, — гэта далматыка, якая апранаецца на альбу і стулу; але далматыку можна не апранаць, калі яе няма, альбо калі цэлебрацыя мае менш урачысты характар.











Акаліты, лектары і іншыя свецкія прыслугоўваючыя могуць апранаць альбу ці іншае адзенне.











Святар носіць стулу на шыі такім чынам, каб яна звісала на грудзі, а дыякан ускладае яе на левае плячо, працягвае наўскос праз грудзі да правага боку і там сашчэплівае.














Плювіял, альбо капу, святар апранае, калі ідзе ў працэсіі ці калі ўдзельнічае ў іншых сакральных дзеяннях, згодна з прадпісаннямі для асобных абрадаў.





Для вырабу літургічнага адзення, апрача традыцыйных матэрыялаў, могуць ужывацца натуральныя тканіны, уласцівыя для дадзенай краіны, а таксама некаторыя штучныя тканіны, якія адпавядаюць годнасці літургіі і асобы.
Прыгажосць і годнасць любога адзення залежыць не ад  шматлікасці дадатковых аздобаў, а ад матэрыялу і формы гэтага адзення. Аздабленні павінны ўяўляць сабою выявы ці сімвалы, якія ўказваюць на яго сакральны ўжытак. Ад аздобаў, якія не адпавядаюць такому ўжытку, неабходна адмовіцца.
Разнастайнасць колераў літургічнага адзення мае на мэце знешне выявіць значэнне цэлебраваных таямніцаў веры і сэнс развіцця хрысціянскага жыцця на працягу літургічнага года.
 Што датычыць колеру літургічнага адзення, тут належыць захоўваць традыцыйны падыход, а менавіта:
а) Белы колер выкарыстоўваецца ў афіцыі і ў Імшах Велікоднага перыяду і перыяду Нараджэння Пана; апрача таго, на цэлебрацыях Пана, якія не датычаць Ягонай Мукі; на цэлебрацыях Найсвяцейшай Панны Марыі; святых Анёлаў; святых, якія не былі мучанікамі; на ўрачыстасцях Усіх Святых (1 лістапада) і святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня); на святы Яна евангеліста (27 снежня); катэдры святога Пятра (22 лютага) і Навяртання святога Паўла (25 студзеня).
б) Чырвоны колер ужываецца ў нядзелю Мукі Пана, у пятніцу Вялікага тыдня, у нядзелю Спаслання Духа Святога, на цэлебрацыях Мукі Пана, у святы пераможнай смерці апосталаў і евангелістаў, на цэлебрацыях святых мучанікаў.
в) Зялёны колер ужываецца ў афіцыі і ў Імшах звычайнага перыяду.
г) Фіялетавы колер ужываецца ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту. Яго выкарыстоўваюць таксама ў афіцыі і ў Імшах за памерлых.
д) Чорны колер можна выкарыстоўваць у Імшах за памерлых там, дзе існуе такі звычай.
е) Ружовы колер можа выкарыстоўвацца ў трэцюю нядзелю Адвэнту (dominica Gaudete)  і чацвёртую нядзелю Вялікага посту (dominica Laetare)  там, дзе існуе такі звычай.
ж) У больш урачыстыя дні можна ўжываць святочнае альбо больш годнае літургічнае адзенне, нават калі яно не адпавядае колеру дня.
Абрадавыя Імшы цэлебруюцца ў літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо белага ці ў святочных шатах; Імшы ў розных патрэбах — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для дня ці перыяду, альбо ў фіялетавым, калі яны маюць характар пакаяння, напр.; ватыўныя Імшы — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо для дня ці літургічнага перыяду.

Г)  ІНШЫЯ РЭЧЫ, ПРЫЗНАЧАНЫЯ ДЛЯ ЎЖЫТКУ Ў КАСЦЁЛЕ
Апрача літургічнага начыння і шатаў, якія павінны вырабляцца з адмысловага матэрыялу, іншыя прыналежнасці, прызначаныя для літургічнага ўжытку альбо для іншых патрэбаў у касцёле, павінны быць годныя і адпавядаць мэце, для якой яны прызначаныя.
Асаблівым чынам трэба клапаціцца пра тое, каб літургічныя кнігі, перадусім Евангеліярый і Лекцыянарый, якія прызначаныя для абвяшчэння Божага слова і таму асаблівым чынам шануюцца, сапраўды былі ў літургічным дзеянні знакамі і сімваламі вышэйшых рэчаў і таму сапраўды годнымі, аздобленымі і прыгожымі.
Апрача таго з усёй пільнасцю трэба клапаціцца пра тыя рэчы,  якія непасрэдна звязаныя з алтаром і эўхарыстычнай цэлебрацыяй, як напр., алтарны крыж і працэсійны крыж.
Неабходна заўсёды імкнуцца да таго, каб і менш важныя рэчы адпавядалі патрабаванням мастацтва, а высакародная прастата заўсёды спалучалася з чысцінёю.

No comments: