Ў кантакце

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 3 — 20 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз церпячага Слугу.
Хрыстус цярпеў за вас (пар. 1 П 2, 21)

Першае чытанне                                                                          Іс 53, 3-11

Муж цярпення, які спазнаў слабасці

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.
Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя  і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.
Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.
Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.
Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                           Пс 22, 12-14. 17-24

Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?
12.Не будзь далёка ад мяне,
бо набліжаецца мая нядоля, *
і няма таго, хто мне дапаможа.
13 Абступіла мяне мноства валоў, *
акружылі мяне быкі Башана.
14 Адкрылі на мяне свае пашчы, *
быццам леў, што разрывае і рычыць.
Рэфрэн:
17. Сабакі акружылі мяне, *
зборышча злачынцаў мяне абступіла,
прабілі рукі мае і ногі. *
18. Я магу палічыць усе мае косці.
Яны глядзяць і разглядаюць мяне.
Рэфрэн:
19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *
і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.
20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *
сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.
21 Уратуй ад мяча маю душу, *
маю адзіную вырві з сабачых лапаў.
22 Уратуй мяне ад пашчы льва,
ад рагоў буйвалаў, *
пачуй мяне.
Рэфрэн:
23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *
на сходзе буду праслаўляць Цябе.
24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. +
Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *
Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                1 П 2, 21-25

Хрыстус цярпеў за вас

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:
Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.
Ён не ўчыніў ніякага граху і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя.
Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус Хрыстус прынізіў сябе ажно да смерці,
таму Бог узвысіў Яго па-над усім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                               Лк 24, 25-27

Ці ж не трэба было Месіі цярпець
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Езус сказаў вучням: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
Гэта слова Пана.


Дзень 2 — 19 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз цярплівае чаканне Пана.
Так належыць нам выканаць усё, што справядліва (пар. Мц 3,15)

Першае чытанне                                                                1 Сам 1, 1-20
Давер і чаканне Ганны

Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.
Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.
У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?
Устала Ганна пасля таго, як елі і пілі яны ў Сілом, а святар Элія сядзеў у крэсле пры дзвярах святыні Пана. Яна ж у глыбокім суме малілася да Пана і горка плакала. І дала такое абяцанне, кажучы: Пане Магуццяў, калі Ты сапраўды паглядзіш на гора Тваёй слугі і ўспомніш мяне, і не забудзеш слугі Тваёй, і дасі слузе сваёй дзіця мужчынскага полу, я аддам яго Пану на ўсе дні жыцця ягонага і брытва не дакранецца да ягонай галавы.
А калі яна доўга малілася перад абліччам Пана, Элія назіраў за яе вуснамі. Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. Таму Элія думаў, што яна п’яная. І сказаў ёй Элія: Колькі ты будзеш п’янай? Працверазей ад віна.
Ганна сказала ў адказ: Не, спадар мой, я няшчасная жанчына, і не піла я ні віна, ні хмяльнога напою, але выліла душу сваю перад Панам. Не лічы слугу сваю дачкой Бэліаля, бо ад вялікага болю і смутку майго я казала ўвесь гэты час.
Тады Элія сказаў ёй: Ідзі ў спакоі, і няхай Бог Ізраэля дасць табе тое, аб чым ты Яго прасіла. Яна адказала: Няхай знойдзе слуга твая прыхільнасць у вачах тваіх. І пашла тая жанчына сваёй дарогаю, і ела, і твар яе ўжо не быў такі сумны, як раней.
Усталі яны рана і пакланіліся перад абліччам Пана, вярнуліся і прыйшлі ў дом свой ў Раму. І зблізіўся Элькана да сваёй жонкі Ганны, і Пан успомніў пра яе. І зачала Ганна, і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                  Пс 40 (39), 2-3, 12, 14, 17-18
Рэфрэн: Пане, паспяшы мне на дапамогу.
2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *
і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.
3. Падняў мяне з ямы пагібелі, з балоцістай багны, *
паставіў на скале мае ногі, умацаваў крокі мае.
Рэфрэн:
12. Ты, Пане, не стрымлівай міласэрнасці сваёй ад мяне, +
няхай Твая ласка і вернасць *
заўсёды падтрымліваюць мяне.
14. Будзь прыхільны, Пане, уратуй мяне;
Пане, паспяшайся мне на дапамогу.
Рэфрэн:
17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *
хто шукае Цябе,
і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *
няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.
Рэфрэн:
18. Я няшчасны і ўбогі, *
але Пан пра мяне дбае.
Ты – дапамога мая і мой Збаўца, *
Божа мой, не спазняйся!
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Гбр 11, 32-34
Вераю перамагалі валадарствы...

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:
Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Дазволь нам, Ойча, наследаваць цярплівасць Твайго Сына,
які прыйшоў, каб выканаць усё, што справядліва.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                     Мц 3, 13-17
Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?
Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян уступіў Яму.
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.
Гэта слова Пана.


Дзень 1 — 18 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Перамененыя праз Хрыста — Слугу.
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць (пар. Мк 10,45)

Першае чытанне                                                                          Зах 9, 9-10
Вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы

 

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан:
Радуйся моцна, дачка Сіёна,
весяліся, дачка Ерузалема:
вось кароль твой ідзе да цябе,
справядлівы і збаўчы,
пакорны, які едзе на асле,
на асляняці, дзіцяці асліцы.
І знішчу калясніцы з Эфраіма
і коней з Ерузалема,
і зламаны будзе баявы лук;
і Ён абвесціць народам мір.
І валадарства Ягонае будзе ад мора да мора
і ад ракі аж да краёў зямлі.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                           Пс 131 (130), 1. 2-3

Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
1.     Пане, маё сэрца не ганарыцца, *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу;
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.

Другоае чытанне                                                                Рым 12, 3-8

Паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары


Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:
Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас: не думайце пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвайце сябе цвяроза, паводле меры ўздзеленай кожнаму Богам веры. Бо як у адным целе маем шмат частак, і не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы
Мы, многія, складаем адно Цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго часткі. Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: калі гэта прароцтва, мы павінны прарочыць згодна з вераю; калі служэнне служыць; калі настаўніцтва навучаць; калі заахвочванне падбадзёрваць; калі размеркаванне раздаваць у прастаце; калі кіраванне кіраваць старанна; калі міласэрнасць быць ласкавымі.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі,
але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                            Мк 10, 42-45
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць аддаць жыццё сваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус, паклікаўшы вучняў, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Гэта слова Пана.

чацвер, 12 студзеня 2012 г.

Падрыхтоўка Імшала


 Для таго, каб правільна падрыхтаваць Імшал да Літургіі, карыстаемся Літургічным календаром, у якім змешчаны неабходныя прадпісанні на канкрэтны дзень літургічнага года.
У Імшале неабходна зазначыць: Калекту(Малітву дня), Малітву над дарамі, Прэфацыю, Малітву пасля Камуніі. Акрамя гэтага, пажадана таксама зазначыць Эўхарыстычную Малітву, якая будзе ўжывацца падчас Эўхарыстыі( трэба ўдакладніць у святара, які будзе цэлебраваць Святую Імшу).
На пачатку Эўхарыстыі Імшал адкрываецца на пачатак Парадку Святой Імшы.
Пасля Камуніі Імшал адкрываем на той старонцы, дзе змешчана Малітва пасля Камуніі.

серада, 11 студзеня 2012 г.

сустрэча з міністрантамі 10.01.2012

сёння адбылася сустрэча фармацыйная з міністрантамі.
тэмай сустрэчы стала некалькі пытанняў адносна паслугі пры алтары:
  • часцейшы ўдзел міністрантаў на Святых Імшах.
  • Падзел функцый падчас Эўхарыстыі
  • Заняцце месца ў прэзбітэрыуме.
  • Апека пад свечкамі.
  • Чытанне літургічных чытанняў і малітвы вернікаў.
  • Падрыхтоўка Імшала да Літургіі.

серада, 4 студзеня 2012 г.

04.01.2012 Сустрэча з міністрантамі ў Маладзечне

Традыцыйна падчас зімовых канікулаў адбылася сустрэча з міністрантамі, у якой прынялі удзел і прадстаўнікі нашай парафіі. Шчыра дзякуем Ягору Шырочыну, Мікалаю Томкавічу і Уладыславу Балашу за супольную малітву і севдчанне веры.
                                                                           


                                                                                                      кс. Андрэй Кеўліч

пятніца, 30 снежня 2011 г.

30 снежня - свята Святой Сям'і

Якое значэнне мае Святая Сям’я для сучаснай сям’і – для бацькі, маці і дзяцей? Кажам: ”Даўней усё было іначай, чым цяпер.” А ці сапраўды ўсё? Было Дзіцё, Якое любіла Яго Маці Марыя і Юзаф, Ягоны апякун перад Богам. Усе ўтраіх былі адным ва ўзаемным шанаванню і любові.
Цяжкія падзеі і цярпенні чакалі Дзіцё і Бацькоў, але нішто не магло ім перашкодзіць: ні Хрысту, Які быў ахінуты цёплай любоўю і чулай апекай; ні Бацькам, якія паклалі надзею на Бога і былі гатовыя ісці праз жыццё дарогай, якую вызначыў Сам Бог. Св. Сям’я з’яўляецца найдасканалай сям’ёй і прыкладам для нас,нашых сем’яў. Св. Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова.

серада, 28 снежня 2011 г.

Рэчы, неабходныя для цэлебрацыі Эўхарыстыі.


А) ХЛЕБ І ВІНО ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ
Хлеб для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінен быць чыста пшанічным, свежаспечаным і, паводле старажытнай традыцыі лацінскага Касцёла, без закваскі.
Віно для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінна быць з пладоў вінаграднай лазы, натуральнае і чыстае, г.зн., без дамешак іншых рэчываў.
Неабходна старанна клапаціцца, каб хлеб і віно, прызначаныя для Эўхарыстыі, захоўваліся ў дасканалым стане, г.зн., належыць дбаць, каб віно не скісала, а хлеб не псаваўся і не чарсцвеў так, што яго цяжка будзе разламаць.
Б) ЛІТУРГІЧНАЕ НАЧЫННЕ
Літургічнае начынне належыць вырабляць з высакароднага металу. Калі ж яно зроблена з металу, які іржавее, альбо які з’яўляецца менш высакародным за золата, то яго трэба ўнутры пазалаціць.
Па рашэнні Канферэнцыі Біскупаў, пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай літургічнае начынне можа вырабляцца таксама і з іншых трывалых і, паводле агульнага пераканання дадзенай краіны, высакародных матэрыялаў, напр., з чорнага дрэва альбо некаторых іншых больш цвёрдых пародаў дрэва, прыдатных для літургічнага ўжытку. У гэтым выпадку перавага заўсёды аддаецца матэрыялам, якія з цяжкасцю ламаюцца і не псуюцца. Гэта датычыць усяго начыння, якое прызначанае для ўтрымання гостый, як патэна, пушка (цыборыюм), тэка, манстранцыя і іншае, падобнае да гэтага.
Што датычыць келіхаў і іншага начыння, прызначанага для ўтрымання Крыві Пана, то яны павінны мець чашу з такога матэрыялу, які не ўпітвае вадкасці. Ножка можа вырабляцца з іншых трывалых і годных матэрыялаў.
Для асвячэння гостый можна ўжываць большую патэну, на якой кладзецца хлеб як для святара і дыякана, так і для іншых прыслугоўваючых і вернікаў.
Што датычыць формы літургічнага начыння - важна, каб кожны прадмет з гэтага начыння быў прыдатным да літургічнага ўжытку, для якога ён прызначаны, і выразна адрозніваўся ад тых, якія прызначаюцца для штодзённага ўжытку.
Што датычыць асвячэння літургічнага начыння, належыць захоўваць абрады, прадпісаныя ў літургічных кнігах – Літургічная Агенда.
Належыць захаваць звычай рабіць у сакрыстыі сакрарый, куды можна выліваць ваду ад абмывання літургічнага начыння і палатняных літургічных прыналежнасцяў.
В) ЛІТУРГІЧНЫЯ ШАТЫ
Рознасць абавязкаў у цэлебрацыі Эўхарыстыі выяўляецца знешне ў разнастайнасці літургічнага адзення. Таму адзенне павінна быць знакам уласнага абавязку кожнага прыслугоўваючага. Апрача таго, літургічнае адзенне павінна падкрэсліваць прыгажосць самога літургічнага дзеяння. Шаты, якія апранаюць святары і дыяканы, а таксама свецкія прыслугоўваючыя, перш чым прызначыць іх для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале.
Агульнай шатай для ўсіх пасвячаных і прызначаных служыцеляў розных ступеняў з’яўляецца альба, якая падпярэзваецца на бёдрах пасам, калі толькі яна не зробленая так, што прылягае да цела нават без паса. Калі ж альба добра не пакрывае звычайнае адзенне каля шыі, то перш, чым апрануць альбу, ускладаецца гумерал. Нельга замяняць альбу комжаю, нават паверх сутаны ці габіта, калі апранаецца арнат ці далматыка, альбо, згодна з нормамі, толькі стула без арнату ці далматыкі.
Адзенне, уласцівае для святара, які цэлебруе Імшу альбо іншыя сакральныя дзеянні непасрэдна звязаныя з Імшою, — гэта арнат (casula seu planeta), які апранаецца на альбу і стулу, калі толькі не прадугледжана іншага.









Адзенне, уласцівае для дыякана, — гэта далматыка, якая апранаецца на альбу і стулу; але далматыку можна не апранаць, калі яе няма, альбо калі цэлебрацыя мае менш урачысты характар.











Акаліты, лектары і іншыя свецкія прыслугоўваючыя могуць апранаць альбу ці іншае адзенне.











Святар носіць стулу на шыі такім чынам, каб яна звісала на грудзі, а дыякан ускладае яе на левае плячо, працягвае наўскос праз грудзі да правага боку і там сашчэплівае.














Плювіял, альбо капу, святар апранае, калі ідзе ў працэсіі ці калі ўдзельнічае ў іншых сакральных дзеяннях, згодна з прадпісаннямі для асобных абрадаў.





Для вырабу літургічнага адзення, апрача традыцыйных матэрыялаў, могуць ужывацца натуральныя тканіны, уласцівыя для дадзенай краіны, а таксама некаторыя штучныя тканіны, якія адпавядаюць годнасці літургіі і асобы.
Прыгажосць і годнасць любога адзення залежыць не ад  шматлікасці дадатковых аздобаў, а ад матэрыялу і формы гэтага адзення. Аздабленні павінны ўяўляць сабою выявы ці сімвалы, якія ўказваюць на яго сакральны ўжытак. Ад аздобаў, якія не адпавядаюць такому ўжытку, неабходна адмовіцца.
Разнастайнасць колераў літургічнага адзення мае на мэце знешне выявіць значэнне цэлебраваных таямніцаў веры і сэнс развіцця хрысціянскага жыцця на працягу літургічнага года.
 Што датычыць колеру літургічнага адзення, тут належыць захоўваць традыцыйны падыход, а менавіта:
а) Белы колер выкарыстоўваецца ў афіцыі і ў Імшах Велікоднага перыяду і перыяду Нараджэння Пана; апрача таго, на цэлебрацыях Пана, якія не датычаць Ягонай Мукі; на цэлебрацыях Найсвяцейшай Панны Марыі; святых Анёлаў; святых, якія не былі мучанікамі; на ўрачыстасцях Усіх Святых (1 лістапада) і святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня); на святы Яна евангеліста (27 снежня); катэдры святога Пятра (22 лютага) і Навяртання святога Паўла (25 студзеня).
б) Чырвоны колер ужываецца ў нядзелю Мукі Пана, у пятніцу Вялікага тыдня, у нядзелю Спаслання Духа Святога, на цэлебрацыях Мукі Пана, у святы пераможнай смерці апосталаў і евангелістаў, на цэлебрацыях святых мучанікаў.
в) Зялёны колер ужываецца ў афіцыі і ў Імшах звычайнага перыяду.
г) Фіялетавы колер ужываецца ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту. Яго выкарыстоўваюць таксама ў афіцыі і ў Імшах за памерлых.
д) Чорны колер можна выкарыстоўваць у Імшах за памерлых там, дзе існуе такі звычай.
е) Ружовы колер можа выкарыстоўвацца ў трэцюю нядзелю Адвэнту (dominica Gaudete)  і чацвёртую нядзелю Вялікага посту (dominica Laetare)  там, дзе існуе такі звычай.
ж) У больш урачыстыя дні можна ўжываць святочнае альбо больш годнае літургічнае адзенне, нават калі яно не адпавядае колеру дня.
Абрадавыя Імшы цэлебруюцца ў літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо белага ці ў святочных шатах; Імшы ў розных патрэбах — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для дня ці перыяду, альбо ў фіялетавым, калі яны маюць характар пакаяння, напр.; ватыўныя Імшы — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо для дня ці літургічнага перыяду.

Г)  ІНШЫЯ РЭЧЫ, ПРЫЗНАЧАНЫЯ ДЛЯ ЎЖЫТКУ Ў КАСЦЁЛЕ
Апрача літургічнага начыння і шатаў, якія павінны вырабляцца з адмысловага матэрыялу, іншыя прыналежнасці, прызначаныя для літургічнага ўжытку альбо для іншых патрэбаў у касцёле, павінны быць годныя і адпавядаць мэце, для якой яны прызначаныя.
Асаблівым чынам трэба клапаціцца пра тое, каб літургічныя кнігі, перадусім Евангеліярый і Лекцыянарый, якія прызначаныя для абвяшчэння Божага слова і таму асаблівым чынам шануюцца, сапраўды былі ў літургічным дзеянні знакамі і сімваламі вышэйшых рэчаў і таму сапраўды годнымі, аздобленымі і прыгожымі.
Апрача таго з усёй пільнасцю трэба клапаціцца пра тыя рэчы,  якія непасрэдна звязаныя з алтаром і эўхарыстычнай цэлебрацыяй, як напр., алтарны крыж і працэсійны крыж.
Неабходна заўсёды імкнуцца да таго, каб і менш важныя рэчы адпавядалі патрабаванням мастацтва, а высакародная прастата заўсёды спалучалася з чысцінёю.

28 снежня – свята святых Немаўлят, мучанікаў.


З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе у Бога падвойны арэол дзявоцтва і мучаніцтва.

панядзелак, 26 снежня 2011 г.

27 снежня - свята святога Яна, Апостала і Евангеліста


Св. Ян быў любімым вучнем Пана Езуса.Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збавіцеля. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Св. Ян напісаў тры апостальскія лісты, Апакаліпсіс і Евангелле. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста св. Ян памёр натуральнай смерццю ў позняй старасці. Евангелле св.Яна, якое дапаўняе іншыя мае найглыбейшы выклад Божых таямніцаў. Ва Ўсходнім Касцёле св. Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалсв. Яна - арол.

26 снежня - успамін святога Стэфана

Св. Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх “поўны ласкі і моцы Духа Святога”абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік,сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і св. Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя.

нядзеля, 25 снежня 2011 г.

Божае нараджэнне



Паважаныя міністранты!
Віншуем Вас з Раством Хрыстовым! Няхай Хрыстос, Той, Які прыходзіць і няспынна стукае ў дзверы нашага сэрца, будзе для кожнага з нас прыкладам сапраўднага служэння!

аўторак, 20 снежня 2011 г.

падрыхтоўка да Божага Нараджэння!!

У сераду, 21 снежня адбудзецца сустрэча з асістай. Сустракаемся пасля св. Імшы а 18.00.

панядзелак, 19 снежня 2011 г.

Рэкалекцыі ў нашай парафіі

Сёння распачынаюцца рэкалецыі перад Святамі Божага Нараджэння. Молімся да Духа Святога, каб мы сапраўды выкарысталі належным чынам гэты асаблівы час.
Усіх міністрантаў шчыра запрашаем!!!!

субота, 17 снежня 2011 г.

Сустрэча з кандыдатамі - 17.12.2011

Тэмай сустрэчы стала: 1) 4 правіла міністранта (Міністрант працуе над сваім характарам і клапоціцца аб чысціні сэрца і душы), а таксама паслуга Міністранта вады.
Удзельнікі: Тумаш Дзмітрый, Апанасёнак Антон, Кузняцоў Аляксандр.
Кароткі змест:
1) Кожны чалавек можа і павінен працаваць над сабою - Бог даў нам розум, несмяротную душу, вольную волю. У асаблівы спосаб гэта адносіцца да міністранта - знаходзячыся часам нават штодзённа так блізка Хрыста, я як міністрант, а нават ужо цяпер як кандыдат - асоба якая рыхтуецца стаць міністрантам, павінен працаваць над сабой... Чаму??? Бо цяжка гаварыць аб сапраўдным служэнні, калі маё жыццё ідзе ў зусім іншым напрамку чым Божы шлях. Хрыстос выходзіць нам насустрач, гатовы суцешыць, ачысціць з усялякага бруду - галоўнае, каб я гэтага захацеў....


2) Міністрант вады – падчас літургічнага дзеяння падае святару кацялок з асвечанай вадой і крапідла для пакраплення вернікаў ці асвячэння рэчаў. Адказны за кацялок і крапідла – за іх выгляд і чысціню.
Вада – сімвал ачышчэння, знак жыцця.
 Падчас выканання сваёй паслугі выконвае наступныя дзеянні:
1)    * Калі адбываецца абрад акраплення вернікаў, падрыхтоўвае кацялок з вадой і крапільніцу ў адпаведным месцы альбо трымае яго ў руках.
2)    * Пасля благаслаўлення вады падае крапідла  Цэлебрансу і падносіць крапільніцу – у левай руцэ.
     * Звычайна святар адразу дае магчамасць міністранту вады дакрануцца да асвечанай вады і зрабіць знак крыжа – чыніць гэта трэба няспешна, дакладна, але і “ў тэмпе.”
       * Падчас акраплення вернікаў м. в. ідзе за святаром так, каб яму не перашкаджаць і быць гатовым паднесці Цэлебрансу крапільніцу з асвечанай вадой. Начынне трымаем ў левай руцэ, правая рука – на грудзях.
5)    * Пасля падыходу да алтара ўшаноўвае разам з святаром алтар, забірае ў яго крапідла, заносіць крапільніцу і крапідла ў адпаведнае месца, і далей працягвае ўдзельнічаць у святой Імшы.
6)    * Калі ёсць магчымасць, пажадана. Каб гэтую функцыю выконвалі 2 міністрантаў.

пятніца, 16 снежня 2011 г.

ТРЫ ТЫПЫ ЛЮДЗЕЙ


Да якога з іх адносіце сябе вы?
Мы часта дзелім людзей на розныя тыпы, у залежнасці ад іх здольнасцяў і схільнасцяў. Напрыклад, адных мы завём людзьмі спартыўнага тыпу (спартоўцы), іншых - інтэлектуальнымі (навукоўцы, філосафы), трэціх - артыстычнымі (мастакі, музыкі, артысты), чацвёртых - рэлігійнымі (вернікі, святары, сектанты).
Сёння мы раскажам вам пра тры тыпы людзей: пра цялеснага чалавека, душэўнага і духоўнага. Дадзеная класіфікацыя засноўваецца на ўзаемаадносінах паміж чалавекам і Богам і мае сваё абгрунтаванне ў Святым Пісанні – Слове Бога да нас, людзей.
ЦЯЛЕСНЫ ЧАЛАВЕК
Цялесны чалавек жыве незалежным ад Бога жыццём. Ён сам з’яўляецца гаспадаром свайго лёсу, сам прымае рашэнні, дамагаецца ўсяго самастойна і таму лічыць, што зусім не мае патрэбы ні ў Богу, ні ў Яго дапамозе, а ўжо тым больш, - у Яго кіраўніцтве.
Ён можа быць вельмі добрым чалавекам: сумленным, добрым, адказным і клапатлівым, але да Бога не мае ні наймалога стаўлення. Ён сам для сябе зяўляецца Богам і жыве, кіруючыся ўласнымі пачуццямі, жаданнямі і імкненнямі. Ён завецца цялесным, таму што ў першую чаргу дагаджае свайго цела. Пад целам маецца на ўвазе не адно толькі цела, а сукупнасць цялесных жаданняў, запалу ігд. Апостал Павел у першым пасланні Карынцянам напісаў: Калі паміж вамі зайздрасць, спрэчкі і рознагалоссі, то ці не цялесныя вы?
ДУШЭЎНЫ ЧАЛАВЕК
Душэўны чалавек - гэта чалавек, які ведае пра Бога і пра Яго выратавальную ахвяру на крыжы, але асабіста з Ім не знаёмы... Магчыма, ён нават наведвае касцёл ці царкву, моліцца і чытае Святое Пісанне. Але праблема душэўнага чалавека складаецца ў тым, што, нягледзячы на тое, што яму штосьці вядома пра Творцу, Бог усё ж не зяўляецца яго Богам.
Душэўны чалавек, падобна цялеснаму чалавеку, з’яўляецца сваім уласным гаспадаром і богам. Ён сам кіруе сваім жыццём, сам усяго дамагаецца, і ўспамінае пра Бога толькі тады, калі трапляе ў бязвыхадную сітуацыю, ці калі яму неабходна знайсці вінаватага. У такія хвіліны ён звяртаецца да Бога са словамі: Ну, дзе ж Ты быў? Як Ты мог дазволіць, каб гэта са мной здарылася? Як Ты мог такое дапусціць?
“Душэўнымі” завуцца людзі, якія, магчыма, валодаюць выдатнымі душэўнымі якасцямі, але не маюць самага галоўнага - свету з Богам і Духа Святога.
Біблія пра іх кажа так: Пасланне Юды 19 “Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе ад адзінства веры, душэўныя, без духа”.
ДУХОЎНЫ ЧАЛАВЕК
Духоўны чалавек - гэта той, хто прыняў рашэнне ісці за Хрыстом. Ён запрасіў Езуса Хрыста ў сваё сэрца і дазволіў Яму стаць Богам і Выратавальнікам свайго жыцця. Заўважце, ён не толькі папрасіў Хрыста стаць яго асабістым Выратавальнікам, але таксама і Богам. Гэта азначае, што такі чалавек дазволяе Богу заняць цэнтральнае месца ў сваім жыцці і дазволяе Яму кіраваць і кіраваць усім у сваім жыцці: пачуццямі, думкамі, рашэннямі і паводзінамі.  
    Біблія кажа пра гэта так:
народжанае ад цела ёсць цела, а народжанае ад Духа ёсць дух. Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца звышыні( Евангелле паводле Яна 3:6-7).
    Цікава, а да якога з 3 прадстаўленых тыпаў адносіцца кожны з нас?
 Матэрыял з сайта www.cogmtl.net 

чацвер, 15 снежня 2011 г.

Рараты

Гэта Святыя Імшы падчас Адвенту ў гонар Маці Божай, якія дазваляецца праводзіць у любы дзень, акрамя нядзелі і ўрачыстасцей, якія прыпадаюць на гэты перыяд. Іх назва паходзіць ад першых слоў лац. гімна „Rorate coeli desuper”(Спусціце, нябёсы, нам расу), які спяваўся на пачатку такіх Імшаў.
Рараты - гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы.
Традыцыйна рараты адбываюцца перад усходам сонца. Рараты асаблівым чынам прыпамінаюць нам Марыю як тую, што падобна ранішняй зорцы, якая папярэджвае ўсход сонца,так і Яна папярэдзіла прыход Езуса Хрыста—нашага Сонца і Святла ўсяго свету. Цяпер разам з усім Касцёлам чакае Яна на паўторнае прыйсце Хрыста ў Хвале, дапамагаючы веруючым у гэтым чаканні. На Беларусь Раратняя Імша прыйшла з Польшчы, дзе была вядома ўжо ў XIIIст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй.
Паводле http://kwasowka.grodnensis.by

серада, 14 снежня 2011 г.

Распрацоўка парафіяльнага сайта

Запрашаем жадаючых дапамагчы ў распрацоўцы сайта нашай парафіі. Рабочы варыянт можна знайсці тут

14 снежня - успамін св. Яна ад Крыжа

Св. Ян ад Крыжа нарадзіўся каля Авіля ў Іспаніі ў 1542 годзе. Маючы 20 гадоў уступіў у Закон Кармелітаў. Св. Ян стаў галоўным памочнікам св.Тэрэзы ў рэформе Закону.Палюбіў крыж Хрыста і прасіў Бога,каб заўсёды яму хапала цярпення. Гэтая малітва была выслуханая. Яго рэфарматарская дзейнасць прынесла яму вялікія асабістыя цярпенні. Св. Ян ад Крыжа прапаведваў поўнае ўнутранае ачышчэнне, каб дайсці да поўні з’яднання з Богам. Свае павучэнні заставіў у кнігах напісаных прозай і вершам.Памёр ва Ўбэдзе ў 1591 годзе.
“Колькі ж рэчаў можна адкрываць у Хрысце, Які з’яўляецца быццам вялізнай шахтай з рознымі пячорамі скарбаў. І нават калі б не ведаю як углубляцца, не знойдзецца ні мяжы ні канца. А ў кожным куце тых Яго таямніцаў можна і тут, і там сустрэць новыя крыніцы багаццяў”
                                                                    з Духоўнай Песні св. Яна ад Крыжа