Ў кантакце

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 2 — 19 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз цярплівае чаканне Пана.
Так належыць нам выканаць усё, што справядліва (пар. Мц 3,15)

Першае чытанне                                                                1 Сам 1, 1-20
Давер і чаканне Ганны

Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.
Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.
У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?
Устала Ганна пасля таго, як елі і пілі яны ў Сілом, а святар Элія сядзеў у крэсле пры дзвярах святыні Пана. Яна ж у глыбокім суме малілася да Пана і горка плакала. І дала такое абяцанне, кажучы: Пане Магуццяў, калі Ты сапраўды паглядзіш на гора Тваёй слугі і ўспомніш мяне, і не забудзеш слугі Тваёй, і дасі слузе сваёй дзіця мужчынскага полу, я аддам яго Пану на ўсе дні жыцця ягонага і брытва не дакранецца да ягонай галавы.
А калі яна доўга малілася перад абліччам Пана, Элія назіраў за яе вуснамі. Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. Таму Элія думаў, што яна п’яная. І сказаў ёй Элія: Колькі ты будзеш п’янай? Працверазей ад віна.
Ганна сказала ў адказ: Не, спадар мой, я няшчасная жанчына, і не піла я ні віна, ні хмяльнога напою, але выліла душу сваю перад Панам. Не лічы слугу сваю дачкой Бэліаля, бо ад вялікага болю і смутку майго я казала ўвесь гэты час.
Тады Элія сказаў ёй: Ідзі ў спакоі, і няхай Бог Ізраэля дасць табе тое, аб чым ты Яго прасіла. Яна адказала: Няхай знойдзе слуга твая прыхільнасць у вачах тваіх. І пашла тая жанчына сваёй дарогаю, і ела, і твар яе ўжо не быў такі сумны, як раней.
Усталі яны рана і пакланіліся перад абліччам Пана, вярнуліся і прыйшлі ў дом свой ў Раму. І зблізіўся Элькана да сваёй жонкі Ганны, і Пан успомніў пра яе. І зачала Ганна, і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                  Пс 40 (39), 2-3, 12, 14, 17-18
Рэфрэн: Пане, паспяшы мне на дапамогу.
2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *
і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.
3. Падняў мяне з ямы пагібелі, з балоцістай багны, *
паставіў на скале мае ногі, умацаваў крокі мае.
Рэфрэн:
12. Ты, Пане, не стрымлівай міласэрнасці сваёй ад мяне, +
няхай Твая ласка і вернасць *
заўсёды падтрымліваюць мяне.
14. Будзь прыхільны, Пане, уратуй мяне;
Пане, паспяшайся мне на дапамогу.
Рэфрэн:
17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *
хто шукае Цябе,
і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *
няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.
Рэфрэн:
18. Я няшчасны і ўбогі, *
але Пан пра мяне дбае.
Ты – дапамога мая і мой Збаўца, *
Божа мой, не спазняйся!
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Гбр 11, 32-34
Вераю перамагалі валадарствы...

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:
Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Дазволь нам, Ойча, наследаваць цярплівасць Твайго Сына,
які прыйшоў, каб выканаць усё, што справядліва.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                     Мц 3, 13-17
Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?
Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян уступіў Яму.
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.
Гэта слова Пана.

No comments: