Дзень 3 — 20 студзеня 2012 г.
Тэма дня: Перамененыя праз церпячага Слугу.
Хрыстус цярпеў за вас (пар. 1 П 2, 21)
Першае чытанне Іс 53, 3-11
Муж цярпення, які спазнаў слабасці
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.
Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.
Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.
Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.
Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.
Гэта слова Божае.
Рэспансарыйны псальм Пс 22, 12-14. 17-24
Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?
12.Не будзь далёка ад мяне, †
бо набліжаецца мая нядоля, *
і няма таго, хто мне дапаможа.
13 Абступіла мяне мноства валоў, *
акружылі мяне быкі Башана.
14 Адкрылі на мяне свае пашчы, *
быццам леў, што разрывае і рычыць.
Рэфрэн:
17. Сабакі акружылі мяне, *
зборышча злачынцаў мяне абступіла,
прабілі рукі мае і ногі. *
18. Я магу палічыць усе мае косці.
Яны глядзяць і разглядаюць мяне.
Рэфрэн:
19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *
і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.
20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *
сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.
21 Уратуй ад мяча маю душу, *
маю адзіную вырві з сабачых лапаў.
22 Уратуй мяне ад пашчы льва, †
ад рагоў буйвалаў, *
пачуй мяне.
Рэфрэн:
23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *
на сходзе буду праслаўляць Цябе.
24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. +
Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *
Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!
Рэфрэн:
Другоае чытанне 1 П 2, 21-25
Хрыстус цярпеў за вас
Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.
Умілаваныя:
Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.
Ён не ўчыніў ніякага граху і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя.
Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых.
Гэта слова Божае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус Хрыстус прынізіў сябе ажно да смерці,
таму Бог узвысіў Яго па-над усім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле Лк 24, 25-27
Ці ж не трэба было Месіі цярпець
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Езус сказаў вучням: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
Гэта слова Пана.
No comments:
Post a Comment