Ў кантакце

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 7 — 24 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.
Пасі авечак Маіх  (Ян 21, 19)
Першае чытанне                                                                1 Сам 2, 1-10
Не сілаю сваёй перамагае чалавек
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Ганна малілася і казала:
Узрадавалася маё сэрца ў Пану,
узнялася моц мая ў Пану маім,
раскрыліся вусны мае на ворагаў маіх,
бо радуюся я Тваёй дапамозе.
Няма такога святога, як Пан,
няма нікога іншага, апроч Цябе,
і няма такой цвярдыні, як наш Бог.
Не памнажайце ганарыстыя словы,
няхай дзёрзкае слова не выходзіць з вуснаў вашых,
таму што Бог ёсць Панам пазнання
і гэта Ён узважвае ўчынкі.
Лук моцных ламаецца,
а слабыя падпярэзваюцца сілаю.
Сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя адпачываюць;
бясплодная семярых нараджае, а  шматдзетная знемагае.
Пан забівае і ажыўляе,
кідае ў адхлань і адтуль выводзіць.
Пан робіць бедным і багатым,
прыніжае і ўзвялічвае.
З пылу падымае беднага,
са смецця ўзнімае ўбогага,
каб пасадзіць яго з вяльможамі,
і даць яму ў спадчыну трон хвалы.
бо Пану належаць падставы зямлі
і на іх Ён паставіў сусвет.
Ён ахоўвае ногі сваіх пабожных,
а грэшнікі знікнуць у цемры,
бо не сілаю сваёй перамагае чалавек.
Пан знішчыць тых, хто спрачаецца з Ім,
супраць іх будзе грымець з нябёсаў.
Пан будзе судзіць межы зямлі,
і дасць моц свайму каралю,
і падыме рог свайго памазаніка.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 23
Рэфрэн: Пан пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы.
1.     Пан пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2.     Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3.  Ён душу маю пажыўляе.
Рэфрэн:
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4.  Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.
Рэфрэн:
5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчаеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.
Рэфрэн:
6.     Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                      Эф 6, 10-20

Мацуйцеся ў Пану

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх,
а Мае ведаюць Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.



Евангелле                                                                                     Ян 21, 1-19
Пасі авечак Маіх
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.
Зноў сказаў яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.
І сказаў яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.
Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!
Гэта слова Пана.

No comments: