Ў кантакце

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 4 — 21 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз перамогу Пана над злом.

Перамагай зло дабром  (Рым 12, 21)


Першае чытанне                                                                         Зых 23,1-9
Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло

Чытанне кнігі Зыходу.

Не разнось ілжывых чутак і не падавай рукі сваёй злачынцу, каб не стаць сведкам несправядлівасці.
Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло, і на судзе не схіляйся да меркавання большасці, каб сказіць праўду.
Не шкадуй беднага ў судзе ягоным.
Калі натрапіш на вала ворага свайго ці на асла ягонага, вярні яго яму.
Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не пакідай яго, але застанься з ім.
Не скажай правасуддзя дзеля твайго беднага на судзе ягоным.
Уцякай ад хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю злачынцы.
Не бяры хабару, бо ён асляпляе мудрых і скажае словы справядлівых.
Не прыгнятай іншаземца; бо ведаеце жыццё чужынца, таму што і самі былі іншаземцамі ў егіпецкай зямлі.
Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм                                                              Пс 1
Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.
1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2.     але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.
Рэфрэн:
3.     Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.
Рэфрэн:
4.     Не такі лёс бязбожных: *
яны як мякіна, што вецер разносіць.
5.     5. Таму бязбожныя не выстаяць на судзе, *
а грэшнікі – на сходзе святых.
6.     Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.
Рэфрэн:

Другоае чытанне                                                                Рым 12, 17-21

Перамагай зло дабром

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад ўсімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: Мне помста, Я аддам! — кажа Пан.
Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не дапусці, Ойча, каб мы паддаліся спакусе.
Дай нам удзел у перамозе Твайго Сына.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                            Мц 4, 1-11

Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.
Гэта слова Пана.

No comments: