Ў кантакце

панядзелак, 16 студзеня 2012 г.


Дзень 6 — 23 студзеня 2012 г.

Тэма дня: Перамененыя праз верную любоў Бога.

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера (1 Ян 5, 4)


Першае чытанне                                                                Абк 3, 17-19
Усемагутны Бог — мая моц

Чытанне кнігі прарока Абакума.

Калі нават смакоўніца не расцвіце
і не будзе на вінаграднай лазе пладоў,
калі дарэмнай будзе праца пры аліўках,
а не ўродзяць нівы,
калі пазнікаюць авечкі з аўчарні
і не будзе скаціны ў загонах,
я буду радавацца ў Пану,
і буду радавацца ў Богу, маім Збаўцы.
Пан Бог — мая моц,
Ён зробіць мае ногі як у лані
і прывядзе на вышыні
Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм                                           Пс 136,1-4; 23-26
Рэфрэн: Міласэрнасць Пана трывае навекі.
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †
бо навекі Яго міласэрнасць. *
2. Хваліце Бога багоў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
3. Хваліце Пана паноў,
бо навекі Яго міласэрнасць.
4. Таго, які сам чыніць вялікія цуды, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:
23. У прыніжэнні нашым Ён узгадаў пра нас,
бо навекі Яго міласэрнасць.
24. вызваліў нас ад нашых ворагаў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
25. Дае хлеб кожнаму целу, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
26. Праслаўляйце Бога нябёсаў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:

Другое чытанне                                                                           1 Ян 5, 1-6

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера. Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.
Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго,
як Я палюбіў вас.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле                                                                                     Ян 15, 9-16

Ніхто не мае большай любові за тую,
калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.
Гэта слова Пана.


No comments: